Па слядах гісторыі і легенд: маршрут даўжынёй у тры дні
Работнікі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Савецкім раёне г. Гомеля арганізавалі невялікае трохдзённае падарожжа, якое аб'яднала актыўны адпачынак і знаёмства з культурнай спадчынай Беларусі.
Усё пачалося са знаёмства з архітэктурнымі і гістарычнымі помнікамі, кожны з іх - як старонка жывой кнігі мінулага. Дукорскі маёнтак сустрэў гасцей атмасферай старажытнай сядзібы. Гэта месца - не проста музей, а цэлы культурна‑гістарычны комплекс, дзе можна ўбачыць адноўленыя інтэр’еры, пазнаёміцца з побытам мінулых стагоддзяў і нават паспрабаваць сябе ў рамёсных майстар‑класах.
Наступным пунктам стаў Гальшанскі замак - загадкавы і велічны помнік архітэктуры, акутаны легендамі.
Па шляху падарожнікі не раз зварочвалі з асноўнага маршрута, каб заглянуць у ціхія куткі, дзе час нібы замірае, - у старажытныя касцёлы і цэрквы.
Завяршэннем першага дня стаý касцёл у Гервятах, які з'яýляецца адным з самых прыгожых неагатычных храмаў Беларусі. Яго вытанчаны сілуэт і дасканалыя дэталі ýражваюць з першага погляду.
Другі дзень цалкам быў прысвечаны асноўнай мэце падарожжа - паходу па маршруце «Блакітныя азёры» працягласцю 20 кіламетраў. Гэты маршрут праходзіць сярод густых лясоў, уздоўж крыштальна чыстых азёр і славіцца сваёй прыроднай прыгажосцю і адноснай адасобленасцю: тут не бывае натоўпаў турыстаў, і можна па‑сапраўднаму адчуць сябе адзіным з прыродай.
У комплекс «Блакітныя азёры» (знаходзіцца ў Мінскай і Віцебскай абласцях, на тэрыторыі нацыянальнага парку «Нарачанскі») уваходзіць каля 15 вадаёмаў.
Пасля цішыні Блакітных азёр, дзе нават крокі па лясной сцежцы гучалі як частка старажытнай мелодыі, работнікі адправіліся на возера Нарач, дзе ўвечары чакала зусім іншая атмасфера - свята Купалле. Цёплы летні вечар, бераг возера, вогнішчы, вянкі, народныя песні і карагоды - усё гэта стала яскравым кантрастам да дзённага паходу.
Апошні дзень атрымаўся асабліва насычаным: дзеючы вадзяны млын у Жодзішках з музеем унутры стала для калектыву нечаканым адкрыццём. Тут гісторыя літаральна ажывае ў кожным механізме. Супрацоўнікі з цікавасцю назіралі, як круцяцца старажытныя жорны, і слухалі расповед пра тое, як стагоддзямі на гэтым млыне малоцілі збожжа. У музейнай частцы экспазіцыі - прадметы сялянскага быту, інструменты, архіўныя фота.
Наступнай кропкай стала наведванне музея‑сядзібы М. К. Агінскага, дзе можна пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю таленавітага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча.
Завяршальнай кропкай стала наведванне касцёла Божага Цела ў Багушэвічах.
За тры дні каманда паспела прайсці па лясных сцежках, зазірнуць у старадаýнія храмы і сустрэць свята ля возера. Падарожжа падаравала не толькі новыя месцы, але і агульныя ўспаміны, якія цяпер будуць саграваць працоўныя будні.